Прадстаўнікі больш чым двух дзясяткаў прафсаюзаў Венесуэлы выказалі салідарнасць з актывістамі ячэйкі Беларускага незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт» (Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць). Адпаведная заява паступіла ў рэдакцыю сайта Aporrea.org.
«Для адзінства і барацьбы сусветнага рабочага класа супраць капіталізму! Падтрымаем беларускіх рабочых! З Венесуэлы мы заяўляем аб нашай салідарнасці з рабочымі „Граніта“. Мы падтрымліваем нашых братоў па класе, што пачалі бой з работадаўцам, які не выконвае працоўныя правы, і супраць нізкай зарплаты», — гаворыцца ў заяве, копіі якой накіраваны ў адміністрацыю РУВП «Граніт», генеральнаму пракурору Беларусі і кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта.
«Мы выступаем катэгарычна супраць агрэсіі з боку наймальніка, а таксама незаконнага звальнення Алега Стахаевіча і Людмілы Літвінкі! Не тэрарызму з боку кіраўніцтва завода!» — падкрэсліваецца ў заяве.
Акрамя таго, у ёй утрымліваецца патрабаванне «неадкладна прызнаць незалежныя прафсаюзы».
0
0
0
0
0
0