«Калі-небудзь мы даведаемся ўсю праўду аб тэракце ў мінскім метро», — заявіла маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва пасля прэзентацыі фільма тэлеканала «Белсат» «Страх у краіне спакою», прысвечанага тэракту 11 красавіка 2011 года. Прэзентацыя прайшла 10 красавіка ў офісе руху «За Свабоду».

Паводле слоў жанчыны, такія фільмы павінны дэманстравацца па дзяржаўным тэлебачанні, каб «паказаць усю праўду, паказаць тое, што абвінавачанне так і не змагло даказаць віну Канавалава і Кавалёва». «Нават пасля смерці хлопцаў такія фільмы неабходныя», — адзначыла яна.

«Я ведаю, што вялікая колькасць людзей не вераць у афіцыйную версію ўлады, не вераць у вінаватасць Канавалава і майго сына. Улада спрабуе даказаць іх віну перакананнямі, а не доказамі. І ўсё адно людзі ў гэта не вераць»,
 — сказала Любоў Кавалёва.

Яна адзначыла, што ў фільме прыведзена «толькі крыху доказаў і спрэчных момантаў у справе Канавалава і Кавалёва». «У гэтым фільме сабраныя толькі відэадоказы. У ім няма іншых доказаў і спрэчных момантаў. Напрыклад, чаму адбіткі пальцаў Канавалава трапілі ў базу даных МУС толькі праз два дні пасля тэракту ў мінскім метро? На якіх падставах тады супрацоўнікі спецслужб арыштавалі майго сына і Канавалава, калі яго адбіткаў пальцаў у базе даных на той момант не было? Чаму відэаздымка камер назірання метро была зманціравана? Такіх пытанняў шмат», — сказала Кавалёва.

Паводле яе слоў, тыя ж пытанні задаюць і пацярпелыя падчас тэракта.

***

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся 11 красавіка 2011 года ў 17.56. У выніку тэракта 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія — 72, іншыя цялесныя пашкоджанні — 283 чалавекі.

30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прызнаў 25-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва вінаватымі ў тэракце і прыгаварыў іх да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Канавалаў прызнаў сваю віну ў судзе і за памілаваннем да Аляксандра Лукашэнка не звяртаўся, Кавалёў такое прашэнне падаў.

Прыгаворы ў дачыненні да маладых людзей былі прыведзеныя ў выкананне прыкладна ў сярэдзіне сакавіка, нягледзячы на тое што скарга Кавалёва на прыгавор была зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека. У Вярхоўным судзе таксама не была разгледжана наглядная скарга на смяротны прыгавор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?