Цяпер модныя рэчы з беларускім арнаментам, валошкамі, пеўнямі можна купіць у найбуйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах Еўропы.
Маладая беларуска з Любліна кінула выклік буйным фірмам моды.
Паўгода таму Юлія Фарботка заснавала ўласную фірму па вырабе фетравых сумак. Галоўным матывам яе праектаў стаў беларускі фальклор — арнамент, валошкі і пеўні. Потым Юля выпусціла калекцыю сукенак.Сёння ў яе фірме працуюць памочнікі, а
прадукцыю з маркай Farbotka можна купіць у найбуйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах гарадоў еўрапейскіх.Назва маркі Farbotka паходзіць ад прозвішча яе заснавальніцы. Пасля заканчэння школы ў Мінску Юля паступіла на факультэт педагогікі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Польскую мову вучыла сама. Аднак яна хутка зразумела, што педагогіка — не яе прызначэнне, і паступіла на факультэт міжнародных адносін у Вышэйшай школе прадпрымальніцтва й адміністрацыі.
Любоў да мастацтва прывілі Юлі бацькі. У таты ў свой час была мэблевая фірма, а маці працавала ў доме моды.З дзяцінства дзяўчына бачыла, як мама робіць чарцяжы, малюе, шые мноства самых розных рэчаў.
Аднак
«Я пачала з ювелірных вырабаў. Гэта былі ўпрыгожанні са штучных камянёў, срэбра, металу. Я пачала ездзіць у турыстычны гарадок Казімеж Дольны пад Люблінам, прадавала свае творы на рынку. І так усё лета. Шмат прадавала сярод знаёмых, і неяк так атрымалася, што зацікавілася гэтай справай».
Падчас адпачынку ў Беларусі Юля наведала фабрыку абутку з фетру. Ёй вельмі спадабаўся гэты матэрыял, і пасля вяртання ў Люблін яна вырашыла выкарыстоўваць яго ў сваёй працы.
Першыя вышыўкі Юля пачала рабіць на торбах год таму. Праца мела ашаламляльны поспех, і Юля хутка стварыла ўласную фірму.У снежні мінулага года выйшла першая калекцыя — 12 фетравых сумак.
«Знаёмым спадабалася. Усе казалі: давай яшчэ. Сёння ў маёй фірме працуюць тры чалавекі, а прадукцыя добра прадаецца».
Юля пачынала з нуля.
Рэгістрацыя фірмы заняла адзін дзень. Сродкі на пачатак бізнэсу яна атрымала з бюджэту ЕС. Напісала праект, прайшла кваліфікацыю і атрымала 4,5 тысячы еўра на ўласную справу.
У асартыменце маркі Farbotka — сумкі самых розных памераў і самага рознага фасону: элегантныя, спартыўныя, сумкі для ноўтбукаў, чахлы для мабільнікаў, нават падушкі. Нядаўна Юля выпусціла й калекцыю сукенак. Галоўная адметнасць яе прадукцыі — гэта беларускія нацыянальныя арнаменты й матывы. Пазней Юля пачала дадаваць да сваіх праектаў ўкраінскія, чэшскія, польскія і расійскія акцэнты.
Вельмі часта пакупнікі самі знаходзяць Юлю. Шмат прадаецца праз інтэрнэт. Часам людзі падыходзяць на вуліцы і пытаюцца, дзе яна набывала сукенку і сумку.
Жанчын у сукенках альбо з торбамі маркі Farbotka неўзабаве можна будзе сустрэць і ў Бразіліі, куды Юля плануе наладзіць распаўсюд сваіх тавараў.У планах таксама выраб сумачак са скуры. На восень Юля хоча выпусціць уласную калекцыю вопраткі Farbotka.