Федэральная мытная служба Расіі лічыць, што пад выглядам прадуктаў нафтахіміі Беларусь экспартуе нафтапрадукты, піша газета «Известия» са спасылкай на крыніцу ведамства.

Гэтыя тавары не абкладаюцца экспартнай пошлінай пры вывазе за межы Мытнага саюза, і адпаведна, Расія не атрымлівае за іх грошы.

Паводле пагадненняў, падпісаных Расіяй і Беларуссю, рэспубліка атрымлівае нафту і нафтапрадукты бяспошлінна і па значна больш нізкіх ўнутрырасійскіх цэнах, а затым перапрацоўвае і прадае ў іншыя краіны. Аднак пры пастаўках нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза Беларусь абавязалася пералічваць у расійскі бюджэт экспартныя пошліны. Паводле дадзеных Федэральнай мытнай службы (ФМС), у 2011 годзе Расія паставіла ў Беларусь 18,1 млн т сырой нафты рынкавым коштам $7,44 млрд і 5,6 млн т нафтапрадуктаў на суму $3,3 млрд.

ФМС зацікавіла значнае павелічэнне паставак растваральнікаў і арганічных растваральнікаў з Беларусі. У 2011 годзе краіна экспартавала ў 8,6 разу больш «хіміі», чым у 2010 годзе (2073 тыс. т супраць 242 тыс. т) — на агульную суму каля $1,5 млрд. Для параўнання: Расія экспартуе ўсяго 16,9 тыс. т растваральнікаў.

Паводле дадзеных Мінфіна РФ, што далучыўся да расследавання, у студзені 2012 года экспарт вырас у 125 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Большая частка паставак у 2011 годзе прыпала на Латвію — 73%, яшчэ 23% — на Нідэрланды, куды Беларусь гэтую прадукцыю раней не пастаўляла.

ФМС адзначае сінхроннае павелічэнне паставак беларускіх растваральнікаў у Латвію (у 6,3 разу) і павелічэнне ўвозу ў Беларусь нафтапрадуктаў з Расіі (таксама ў 6,3 разу).

«Сінхроннае павелічэнне ў 6,3 разу аб’ёмаў увозу з Расіі нафтапрадуктаў і аб’ёмаў вывазу ў Латвію растваральнікаў дазваляе выказаць здагадку, што растваральнік можа быць таварам прыкрыцця», — кажа крыніца ў ФМС.

Мінэнерга РФ паспрабавала высветліць у беларускага боку, які аб’ём растваральнікаў вырабляецца на заводах краіны, аднак канцэрн «Белнафтахім» адказаў ведамству, што збор гэтых дадзеных канцэрнам на рэгулярнай аснове не ажыццяўляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?