«Адносіны з Беларуссю могуць яшчэ раз скандальна праславіць Літву ў ЕС. Гэтым разам беларускі рэжым абыграў Літву ў яе ўласным судзе», піша Lietuvos rytas.

Віленскі акруговы адміністрацыйны суд ўчора задаволіў скаргу паплечніка Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Пефціева і трох кіраваных ім кампаній у дачыненні да Міністэрства замежных спраў Літвы і Службы расследаванняў фінансавых злачынстваў.

У.Пефціеў, якога лічаць адным з самых багатых людзей Беларусі, прасіў скасаваць рашэнне МЗС Літвы, якое дазваляе замарозіць яго асабістыя рахункі ў еўрапейскіх банках.
Гэта -- частка эканамічных санкцый, рашэнне аб ўжыванні якіх Савет ЕС прыняў яшчэ ў мінулым годзе, рэагуючы на рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да апазіцыі.

Аднак літоўскаму суду яны здаліся неабгрунтаванымі. Прадстаўнікі міністэрства сказалі Lietuvos rytas, што абмяркуюць, ці варта абскардзіць рашэнне суда.

    20 чэрвеня 2011 года Савет ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс беларускіх грамадзян і кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, уключыўшы ў яго ў тым ліку Уладзіміра Пефціева і тры кампаніі — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». У дакументах ЕС Пефціеў значыцца як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй, галоўны эканамічны саветнік прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня савета акцыянераў „Белтэхэкспарта“, буйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў».
    Санкцыі ў дачыненні да названых кампаній былі ўведзеныя на падставе таго, што ўсе яны «падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву». Пефціеву забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а яго рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны. Яго кампаніям забаронена весці бізнес на тэрыторыі краін ЕС. Гэта рашэнне Пефціеў аспрэчвае ў судзе Еўрасаюза, куды 12 жніўня накіраваў іск.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?