Аўтары самых цікавых твораў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, атрымаюць каштоўныя падарункі. Творы пераможцаў таксама будуць апублікаваныя ў зборніку да юбілею класіка. Пра гэта 24 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская.

Грамадска-літаратурная акцыя «130 прысвячэнняў Песняру» была абвешчаная музеем у маі гэтага года. Па словах Камароўскай, на конкурс паступіла каля 100 твораў розных жанраў,
прысвечаных асобы Якуба Коласа: «Мне вельмі прыемна, што паўдзельнічаць у конкурсе вырашылі як маладыя, так і людзі, якія адбыліся. Сярод тых, хто даслаў нам свае работы, ёсць як школьнікі і студэнты, так і прафесійныя вядомыя пісьменнікі, музейныя супрацоўнікі, іншыя дзеячы культуры. Нам даслалі свае тэксты не толькі беларусы, але і прадстаўнікі Латвіі і Украіны».

Камароўская адзначыла, што «беларусы больш ведаюць Якуба Коласа як аўтара «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Але мала хто ведае, што ён быў выдатным гумарыстам і пісаў сатырычныя вершы. Амаль непрачытанымі застаюцца яго «Казкі жыцця».

«Нам вельмі хочацца, каб пра Якуба Коласа даведаліся як пра чалавека адкрытага і мяккасардэчнага. Ён вельмі баяўся кагосьці пакрыўдзіць. Дапамагаў грашыма Ганне Ахматавай, нашчадкам Пушкіна, а таксама зусім незнаёмым людзям пасля вайны», — сказала яна.

Вынікі конкурсу «130 прысвячэнняў Песняру» будуць падведзены падчас свята «Коласавіны» 1–2 лістапада.

Найлепшыя працы будуць апублікаваныя ў газеце «Літаратура і мастацтва», а таксама выйдуць асобным зборнікам.
Творы чытаюць і ацэньваюць пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, навукоўцы-коласазнаўцы.
Усіх удзельнікаў адзначаць памятнымі падарункамі з дома-музея Якуба Коласа.
Акцыя «130 прысвячэнняў Песняру» была праведзена ў рамках Года кнігі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?