Дакаціліся! Такой разрухі я даўно не бачыў. Дзякуй Богу, замежнікаў у самалёце было толькі трое.

Беларусь — маленькая і небагатая краіна, таму мне зразумела, чаму «Белавія» купляе патрыманыя Боінгі. Калі за тэхнікай сачыць, то і не новы самалёт можа быць цалкам прэзентабельным. Таму, у адрозненне ад шматлікіх скептыкаў, я з самага пачатку цалкам пазітыўна ўспрымаў дзеянні беларускай кампаніі, што робіць стаўку хоць і не на новыя, але ўсё ж Боінгі і CRJ.

Але так атрымалася, што мне доўга не ўдавалася палётаць на Боінгах кампаніі «Белавія». Лётаю нячаста, і неяк увесь час мне трапляўся добры бюджэтны варыянт авіякампаніі AirBaltic. А тут праз некалькі гадоў пасля куплі знакавых для «Белавіі» Боінгаў мне нарэшце выпала «шчасце» на іх палётаць. Я добразычліва чакаў гэтага моманту. Прадстаўляючы, што вось зараз зайду ў беларускі Боінг, хай не новы, але дагледжаны, прэзентабельны, надзейны. Але з першых крокаў мяне чакала глыбокае расчараванне.

Яшчэ праходзячы міма бізнэс-класа, я ўбачыў на скураных крэслах непрыбраныя крошкі. «Мабыць, хтосьці з новых пасажыраў падчас пасадкі рассыпаў», — падумаў я, але праз некалькі крокаў зразумеў, што памыліўся, бо літаральна аслупянеў. Такіх самалётаў я яшчэ не бачыў.

Зашмальцаваныя, ужо нават незразумела якога колеру, абадраныя і парваныя ў многіх месцах скураныя крэслы салона ніяк не цягнулі на прэзентабельны выгляд.
Такое адчуванне, што іх не чысцілі вельмі, вельмі, вельмі, вельмі, вельмі даўно. Калі наогул калі-небудзь чысцілі.

Амаль усе ручкі крэслаў дэфармаваныя і таксама зашмальцаваныя, а месцамі на іх проста вісіць бруд. Вечкі паліц багажу, што былі калісьці белымі, таксама даўно страцілі свой колер і пакрыліся пластом бруду. Гэта салон старога патрапанага бульдозера, але ніяк не самалёта.

Мне трапілася месца ля аварыйнага выхаду. Я глянуў на яго і яшчэ больш засумаваў. Ручкі дзвярэй абшарпаныя, абіўка абадраная — такое адчуванне, што гэты самалёт цярпеў бедства некалькі сотняў разоў, таму аварыйны выхад такі.

Ну добра аварыйны выхад — усякае бывае. Але і дыван на падлозе салона таксама ўвесь у разводах і плямах, а крэсла перада мной залітае ежай. Самалёт наогул не прыбіраюць?

Я вось пра што адразу падумаў: любы пакупнік машыны ў першую чаргу глядзіць салон. Калі ўладальнік не можа падтрымліваць у чысціні салон, то можна не сумнявацца: да рухавіка, падвескі і ўсіх астатніх вузлоў у яго сапраўды рукі не дайшлі. Такую машыну лепш не купляць. Салон у Боінга «Белавіі» быў такі, што мне ўпершыню стала страшна ляцець, а пра тое, у якім стане ўсе астатнія вузлы самалёта, і думаць не хацелася.

Я пачаў сябе супакойваць. Крызіс, у «Белавіі» няма сродкаў, каб перацягнуць крэсла і заслаць новы дыван, а прыбіральшчыца, напэўна, не ў настроі была.

Ну добра, няма сродкаў на перацяжкі крэслаў, але пачысціць іх ад бруду можна было? Ці хімчыстка салона «Белавіі» таксама не па кішэні?

Дзеля эксперыменту ўжо ў палёце я ўзяў вільготную сурвэтку, якую дае пасажырам кампанія, і пацёр ёю крэсла перада мной. Скрозь тоўсты пласт тлушчу і бруду хутка паказаўся сапраўдны колер крэслаў. Аказваецца, яны блакітныя! І чысцяцца вельмі нават лёгка! Праўда, маленькай сурвэткі хапіла толькі на невялікі ўчастак крэсла. Але паказаўшы свой праўдзівы блакітны колер, яно ўсяліла ў мяне надзею, што яшчэ не ўсё страчана.

Дарагія мае беларусы, каб нам усім не чырванець перад замежнікамі, давайце ўсе разам адмыем самалёты «Белавіі», а заадно і імідж краіны.
Для гэтага нічога асаблівага не трэба: проста выкарыстоўвайце вільготныя сурвэткі, якія «Белавія» дае вам падчас палёту, па прамым прызначэнні, як я. Глядзіш, праз пару месяцаў, ну можа праз паўгода ці год, мы адмыем нашы любімыя Боінгі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?