На 4-м курсе мяне засялілі ў адзін з студэнтцкіх інтэрнатаў, які лічыцца адным з найгоршых па ўмовах жыцця. Спытайце любога іншагародняга студэнта БДУ, які жыў у інтэрнаце, і ён вам назаве адзін і той жа нумар. Гэты інтэрнат перажыў цэлае пакаленне студэнтаў, якія дамагаліся рамонту. Кіраўніцтва ж заўсёды спасылалася на тое, што «вы павінны радавацца таму, што вас засялілі». 

Мяне засялілі ў пакой з адным суседам, таму я не адчуваў ніякага дыскамфорту. У нас быў яшчэ адзін вольны ложак, але нікога не падсялілі. Мы выдыхнулі. А выдыхнулі таму, што наш пакой складаўся толькі з трох ложкаў і дзвюх шафаў. У пакоі не было асобнай ванны і прыбіральні, не тое каб кухні. Але ўдвух жыць было нармальна.

А гэта месца для варэння інтэрнатных баршчоў. Чатыры пліты на паверх. 

А гэта месца для варэння інтэрнатных баршчоў. Чатыры пліты на паверх. 

Надышоў снежань. Я прыходжу з вучобы, а на ложку гара чыіхсьці рэчаў. Тут заходзіць камендантка і кажа: да вас засяляюць туркмена. Бум! Хаця не бум, бо спачатку думаеш — ну ок, прыйдзе, наладзім кантакт, і ўсё такое.

Калі б я залез на гэтую гару рэчаў, то выйшла б прыкладна такое фота.

Калі б я залез на гэтую гару рэчаў, то выйшла б прыкладна такое фота.

Як пасля аказался, гэта 18-гадовы Кірым, які паступіў на 1 курс геаграфічнага факультэта БДУ. Ён прыехаў разам са сваёй 20-гадовай жонкай, якая тры месяцы як зацяжарыла. Іх норавы — падумаў я. У інтэрнаце не было месца, каб засяліць іх у адзін пакой, таму яны жылі ў суседніх.

Сказаць, што ён не ведаў рускай мовы, гэта нічога не сказаць. Руская мова Кірыма падзялялася на два слова: «Прівет» і «Да». Нашае знаёмства з ім нагадвала камедыйнае шоу. Мы проста задавалі яму пытанні: калі штосьці разумеў, ён казаў – так, калі не разумеў — проста глядзеў на нас. Мы рагаталі. І ведаеце, ён зразумеў фішку і рагатаў разам з намі. Было весела.

З часам мы прыжыліся. Ён навучыўся хаваць чайнік ад апероў (калі хто не ведае, гэта тыя ж студэнты, толькі за даносы яны атрымоўваюць большыя шанцы на засяленне ў інтэрнат у наступным годзе), на мігі мы пазычалі рэчы адзін у аднаго.

Перш чым есці, Кірым заўсёды прапаноўваў нам.

З-за здарэнняў у інтэрнатах і стэрэатыпаў у нас складаецца кепскае стаўленне да іх. Проста часам яны сапраўды вар’яцеюць. У 11-ым інтэрнаце туркмены праламалі падлогу на Новы год. Яны заўсёды ладзяць бойкі з кітайцамі. Шмат каго раздражняе, што яны падкупляюць нашых дзяўчын і сустракаюцца з імі, бо грошаў у іх хапае.

Я думаю, прыкладна так яны і праламалі падлогу.

Я думаю, прыкладна так яны і праламалі падлогу.

Вось і наш сусед аднойчы паказаў, што ён шмат даляраў аддае за вучобу і інтэрнат. За пражыванне ў не самым лепшым інтэрнаце, як мы зразумелі, ён плаціў 50 долараў, калі мы плацілі 40. Затое рускую мову не трэба ведаць. З гэтай нагоды ў мяне ёсць прапанова для кіраўніцтва БДУ — мо давайце беларускія студэнты будуць плаціць удвая больш за вучобу, але не будзе ніякіх іспытаў і на пары можна не хадзіць? Я думаю, студэнты падтрымаюць, вам жа там і так грошы патрэбныя, што аж платныя адпрацоўкі ўводзіце.

Вядома, былі і дзівацтвы. Напрыклад ноччу ягоная жонка магла прыбегчы да нас у пакой. На туркменскай мове Кірым нам патлумачыў, што жонцы страшна, бо яна бачыць Шайтана. Таму часам яго жонка ночыла ў нас. Таксама мы бачылі сцэны іх сварак. Сёння шмат нашых беларускіх дзяўчат прагнуць асабістай незалежнасці і ўжо выйшлі на адзін узровень з мужчынамі. А як праходзіць спрэчка ў туркменскай маладой сям’і? 18-гадовы муж крычыць на жонку, а 20-гадовая жонка плача і маўчыць. Яна ані слова не сказала.

Увесь час мне не давала пакоя думка: як жа ён вучыцца на «геафаку», калі ён нават рускай мовы не ведае.

А пасля наш Кірым усё сам паказаў. Прынёс сшытак. Я думаў што гэта контурная карта, а аказалася — практычны сшытак па рускай мове. І выкладчык напісаў заданні. Яны на 1-м курсе ўніверсітэту вучаць рускую мову. Мне так стала цікава, што я нават паразмаўляў з людзьмі, якія былі ў курсе гэтага. Як аказалася, у БДУ ёсць выкладчыкі, якія ведаюць туркменскую мову. Яны дапамагаюць ім тут адаптавацца. На другім курсе яны ўжо вучацца прафесійным тэрмінам на рускай мове. Тады мне падавалася гэта нечым неймаверным.

Пры гэтым аднойчы здарылася такая эмацыйная сітуацыя для мяне, якая наводзіць думкі. Я прыйшоў з пар, і да мяне падыходзіць Кірым, паказвае налепку і кажа — Янка Купала, з націскам на апошнюю а. Пасля паказаў мне фотаздымкі, дзе іх выкладчык адвёў іх у нейкі музей. Ён паказаў, што яму вельмі спадабалася, а мне было ўдвая прыемней, бо ў той час чытаў зборнік Купалы. Ён з максімальнай асцярожнасцю наляпіў Купалу на адзін сшытак і яшчэ доўга любаваўся ім.

Як я пісаў ужо раней — гэта быў найгоршы (па умовах) інтэрнат у БДУ. Была зіма. Я не ведаю якое надвор’е ў Туркменістане, але нашаму суседу было холадна так, што ён ляскаў зубамі. Вокны былі залепленыя, але ўначы вецер проста гуляў туды-сюды па пакоі. І вось у адзін з цудоўных дзён Кірым прыносіць абагравальнік. За абагравальнік можна было атрымаць «па галаве». Калі зловяць — адправяць на камісію, дзе «даносчыкі» і ўсялякія цётачкі будуць вырашаць твой лёс. Але нашаму шчасцю не было мяжы. Мы адчувалі сябе як на адпачынку ў паўднёвай краіне. Праз месяц яго перасялілі ў іншы інтэрнат, дзе ён ужо з жонкай жыў у адным пакоі. Стала зноў холадна, але галоўнае, што той перыяд міжкультурнага абмену беларусаў і туркмена быў неацэнным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?