У 2012 годзе малады беларускі фатограф больш за месяц правёў у СІЗА КДБ Беларусі па абвінавачанні ў тым, што нібыта дапамагаў арганізатарам «плюшавага дэсанту» нелегальна трапіць у краіну.

Пасля гучнай кампаніі салідарнасці журналістаў Антона Сурапіна вызвалілі пад падпіску, а потым і наогул знялі з яго абвінавачанні. Тады хлопец вырашыў дамагацца кампенсацыі за месяц зняволення.

– Паводле заканадаўства я маю права на кампенсацыю маральнай шкоды ад дзеянняў следчых. Я вырашыў дамагацца гэтага, як толькі з мяне знялі абвінавачанні. Але следчыя, відавочна, не хацелі, каб гэта адбылося. Яны ўпарта не прадастаўлялі мне неабходных дакументаў. Таму летась, як толькі я вярнуўся з войска, мы разам з юрыстамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падрыхтавалі позву ў суд. Я запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 190 мільёнаў рублёў, але прадстаўнікі дзяржавы хадайнічалі ў судзе пра спыненне працэсу, – расказаў Антон Сурапін прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Нягледзячы на гэта, 2 сакавіка 2016 года суд Маскоўскага раёна пастанавіў выплаціць Антону Сурапіну кампенсацыю ў памеры 8 мільёнаў беларускіх рублёў.

– І мы, і Міністэрства фінансаў – адказчык па справе – адразу ж падалі скаргі на гэтае рашэнне ў Мінскі гарадскі суд. І вось нарэшце стала вядома, што касацыйны суд пакінуў рашэнне ў сіле, і цяпер Міністэрства фінансаў мае выплаціць мне гэтыя грошы. У цэлым я задаволены – гэта першы прэцэдэнт за апошнія гады, калі чалавек, прызнаны міжнароднаю супольнасцю палітвязнем, дамогся кампенсацыі.

Цяпер у мяне два шляхі. Першы – падаваць скаргу у Вярхоўны суд, каб павялічыць памер кампенсацыі, бо 8 мільёнаў за месяц арышту і амаль год пад падпіскай пра нявыезд – гэта несувымерна. Другі – падаць скаргу ў Генеральную пракуратуру, каб прымусіць КДБ афіцыйна выбачыцца перада мной за тую гісторыю. А яшчэ я вельмі ўдзячны БАЖу і асабіста Алегу Агееву за прафесійную юрыдычную падтрымку, – дадае Антон Сурапін.

Нагадаем, што ў 2012 годзе журналіст больш за месяц правёў у следчым ізалятары КДБ па справе аб «шведскіх плюшавых мядзведзіках». Тады Антона Сурапіна звінавацілі ў падрыхтоўцы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы шведамі, хаця журналіст проста першым размясціў фотаздымкі «плюшавага дэсанту» на сваім сайце. Пра спыненне крымінальнага пераследу Антона Сурапіна КДБ афіцыйна аб’явіў у чэрвені 2012 г. Арышт Сурапіна ўзначаліў дзясятку самых абсурдных арыштаў года ў рэйтынгу Аmnesty International.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?