Чатыры з шасці членаў дэлегацыі Беларусі ў ПА АБСЕ прагаласавалі за выніковую дэкларацыю мінскай сесіі асамблеі. Часткай гэтага дакумента стала ўкраінская рэзалюцыя з асуджэннем «агрэсіі Расіі супраць Украіны» і «часовай акупацыі Крыма і Севастопаля». Толькі два беларускія парламентарыі прагаласавалі супраць Мінскай дэкларацыі, піша Tut.by.

У праекце рэзалюцыі заяўляецца «пра асуджэнне часовай акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля Расійскай Федэрацыяй і гібрыднай агрэсіі Расіі супраць Украіны на Данбасе».

ПА АБСЕ настойліва заклікае Расію «спыніць спансаванне тэрарыстычнай дзейнасці ва Украіне з дапамогай прытоку баевікоў, грашовых сродкаў і зброі праз не падкантрольны ўраду ўчастак украінска-расійскай дзяржаўнай мяжы»

Гісторыя пытання такая. Спачатку ўкраінскія дэпутаты 6 ліпеня прапанавалі ўключыць у парадак дня сесіі ПА АБСЕ рэзалюцыю «Аднаўленне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны». Усе 36 пунктаў дакумента расійскі бок назваў «хлуснёй».

Беларуская дэлегацыя тады ўстрымалася пры галасаванні. У падтрымку Расіі выступіла толькі Арменія. Украінскую рэзалюцыю паставілі на парадак дня.

На наступны дзень, 7 ліпеня, калі прымалі рэзалюцыю, Валерый Варанецкі — адзіны дэпутат, які галасаваў ад Беларусі, таксама ўстрымаўся. Астатнія беларускія дэлегаты не ўдзельнічалі ў галасаванні.

— Беларусь наўмысна не ўдзельнічала ў абмеркаванні гэтай рэзалюцыі і ўстрымалася пры галасаванні. Гэта зроблена таму, што мы з'яўляемся міратворчай пляцоўкай якраз для вырашэння гэтых пытанняў. Гэта наша ўсвядомленая пазіцыя захавання нейтралітэту, — пракаментаваў тады Валерый Варанецкі ў размове з журналістам БелаПАН.

Сёння, 9 ліпеня, пленарнае пасяджэнне ПА АБСЕ павінна было прыняць выніковую Мінскую дэкларацыю, часткамі якой сталі ўсё ухваленыя за час сесіі рэзалюцыі.

Беларускі дэпутат Варанецкі чарговы раз выступіў супраць раней ухваленай у Камітэце па правах чалавека рэзалюцыі аб становішчы ва Усходняй Еўропе. У ёй крытыкавалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, Расіі і Азербайджане. Пытанне паставілі на дадатковае галасаванне.

Галасы падзяліліся 43 на 43, старшыня Крысцін Мутанен ПА АБСЕ назвала гэтую сітуацыю незвычайнай, але паколькі большасці не набралася — крытычную ў адносінах да Мінска рэзалюцыю выключылі з выніковага дакумента. Беларускія дэлегаты віншавалі адзін аднаго, некаторыя іх калегі ў зале таксама пляскалі ў далоні.

Затым пачалося галасаванне па ўсім тэксце выніковага дакумента, уключаючы ўкраінскую і ўсе астатнія ухваленыя раней рэзалюцыі. Чатыры беларускія дэлегаты — дэпутаты Валерый Варанецкі, Вольга Папко і Баляслаў Пірштук, а таксама сенатар Сяргей Рахманаў прагаласавалі за. Сенатар Сяргей Гайдукевіч і дэпутат Андрэй Рыбак — супраць. Акрамя іх, супраць прагаласавала ўся расійская дэлегацыя.

Сяргей Гайдукевіч у каментары TUT.BY запэўніў, што члены беларускай дэлегацыі не дамаўляліся паміж сабой аб адзінай пазіцыі — кожны галасаваў, як лічыў патрэбным.

— Я не мог паступіць па-іншаму, таму што я палітык, які працуе ў інтарэсах нашай дзяржавы. А для Беларусі важна і быць у добрых стасунках з Расіяй, і нармальна працаваць з Еўрапейскім саюзам, — пракаментаваў сваю пазіцыю Сяргей Гайдукевіч.

На яго думку, выключаная з выніковага тэксту рэзалюцыі крытыка Беларусі — не падстава для радасці. А сігнал да таго, што нашай краіне неабходна працягваць дыялог з партнёрамі па спрэчных пытаннях.

Усяго ў зале набралася 15 галасоў супраць Мінскай дэкларацыі. 91 дэлегат падтрымаў яе, 3 — устрымаліся. Сесія ПА АБСЕ праходзіла ў беларускай сталіцы з 5 па 9 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0