Лаванда

Лаванда

«Я заўсёды раю сваякам і знаёмым глядзець на сваё лецішча з эстэтычнага боку. Каб радавала не толькі тое, што там расце бульба — а каб расліны, жывёлы, сама ландшафтная арганізацыя прыносіла радасць.

Тут мы гаворым і пра водары (разам з араматычнымі раслінамі, якія іх генеруюць). І пра колеры (то-бок пра расліны, якія ад сезону да сезону мяняюць колер лісця). Усё гэта разам уздзейнічае на псіхалагічны стан чалавека, і на Захадзе людзі прыйшлі да разумення важнасці менавіта камбінацыі стымулаў ўжо дзесяцігоддзі таму», — гаворыць Сяргей Бесараб.

Суразмоўца адразу папярэджвае: да гэтага пытання ён падыходзіць з навукова-тэхнічнага пункта погляду, і гаворка пойдзе пра функцыянальны ландшафтны дызайн ці нават функцыянальную фітаэрганоміку. То-бок расліны, якія мы вырошчваем, павінны несці дадатковы функцыянал.

1. Абараняем лецішча ад аваднёў лавандай

«Па-першае, будуем так званыя асяродкавыя біялагічныя бар’еры. То-бок высаджваем расліны, якія з’яўляюцца генератарамі лятучых эфірных алеяў. І гэтыя выпарэнні ствараюць прасторавую сцяну паміж вашым лецішчам і наваколлем, як нейкае сілавое поле з фільма «Марскі бой». Такія фітабарьеры не дазволяць завітваць у госці кляшчам ці камарам, якія летам акупуюць Беларусь.

Гэтыя фітаперыметры фарміруюцца з раслін, якія не толькі ўтрымліваюць лятучыя эфірныя алеі, але могуць генераваць іх. Самы просты прыклад такіх раслінаў — лаванда, садовы чабор, лімонная трава (цымбапагон). Добры эфект таксама дадуць ландыш і чаромха, але нюанс у тым, што гэтыя расліны добра працуюць толькі падчас цвіцення».

2. Баронім глебу ад шкодных чарвякоў з дапамогай экзатычных гасцей

«Ёсць і глебавыя біябар’еры: тая ж чаромха, календула ці аксаміткі. Гэтыя расліны сваёй карнявой сістэмай генеруюць рэчывы, якія знішчаюць падземных шкоднікаў (гэта звязана з так званым эфектам алелапатычнасці). Калі мы аточым свой участак календулай, то чарвякі і нематоды да нас не прыйдуць».

А яшчэ з-за павелічэння колькасці хвароб і шкоднікаў Бесараб раіць саджаць культуры, нетрадыцыйныя для нашага рэгіёна. Але яны павінны мець харчовую карысць.

«Можна паспрабаваць выкарыстоўваць амарант — гэта наш госць з Паўднёвай Амерыкі. Ён мае вельмі буйное прыгожае лісце і спажыўнае насенне, багатае на мікраэлементы. Я раіў бы яго вырошчваць абсалютна усім — ну ці прынамсі пачаць з таго, каб набыць і паспрабаваць кашу з гэтага насення. Таксама добры варыянт — насенне кіноа і чыа».

Амарант. Фота: diardeur.blogspot.com

Амарант. Фота: diardeur.blogspot.com

Усе гэтыя расліны могуць расці ў нашым рэгіёне. І хоць яны выглядаюць не надта дэкаратыўна, але могуць прынесці вялікую карысць у якасці харчовых прадуктаў.

«Яшчэ адзін вельмі цікавы аб’ект — канна. Ведаю, што часам у Беларусі гэтую расліну саджаюць як дэкаратыўную з-за яе кветак. Але мала хто ведае, што гэта блізкі сваяк банана, які мае вельмі буйныя карані, багатыя на крухмал. Жыхары Паўднёвай Амерыкі запякаюць іх, як мы — бульбу. А з самога крухмалу робяць локшыну фунчоза.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць: гэтая кветка ўтрымлівае ў карэннях моцны сліміцыд — то-бок знішчае смаўжоў і слімакоў. Калі вам на ўчастку не патрэбныя смаўжы, можаце проста садзіць канну там, дзе яны канцэнтруюцца.

Канна. Фота: Euroradio

Канна. Фота: Euroradio

Таксама расліна з’яўляецца моцным рэмедыянтам глебаў. Калі хочаце пачысціць глебу ад цяжкіх металаў ці таксічных арганічных рэчываў, трэба, каб некалькі гадоў там расла канна. У такім выпадку, праўда, карэнне ў ежу ўжываць не атрымаецца.

Яшчэ адным цікавым фітарэмедыянтам можа быць такая пазнавальная расліна, як тамарыск. Яго асаблівасць у здольнасці забіраць з глебы хларыд натрыя і акумуляваць яго (нават гіперакумуляваць) у лісці. У Беларусі існуе праблема засалення глебаў, звязана яна ў тым ліку з безкантрольным выкарыстаннем зімой пяшчана-солевых сумесяў. Тамарыск тут можа дапамагчы.

З яго здольнасцю да гіперакумуляцыі соляў звязана і яшчэ адна карысная якасць. Солі выступаюць у якасці антыпірэнаў, то-бок гэта расліна не падтрымлівае распаўсюджанне агню і можа выступаць як адмысловы супрацьпажарны барьер».

«Жывыя кветкі»

«Людзям сталага веку рэкамендаваў бы падумаць пра «жывыя кветкі». То-бок пра дэкаратыўныя пароды хатніх птушак. Іх важная якасць — яны самаўзнаўляюцца, іх проста карміць, проста даглядаць. Яны маюць яркія колеры і ўпрыгожваюць участак.

Паўлін з курамі. Фота: botanichka.ru

Паўлін з курамі. Фота: botanichka.ru

Першыя, хто прыходзіць у галаву — дэкаратыўныя пароды курэй, хатніх фазанаў ці нават… паўлінаў. Яны дакладна дапамогуць дасягнуць прыгажосці лецішча ў любы сезон».

Чытайце таксама:

«Каб я ведаў, што гэта дзяржтаямніца, то можа і не пісаў бы так хвацка». Хімік Сяргей Бесараб расказаў, як сумяшчае навуку і грамадзянскую пазіцыю 

Бесараб — пра цынгу Латыпава: Мне тут бачыцца рука нейкіх медыкаў-катаў

Ці такі ўжо бясшкодны ферментаваны іван-чай?

«Пабачыў на скуры дарожку з укусаў». Як беларус змагаўся з пасцельнымі клапамі 

Клас
44
Панылы сорам
5
Ха-ха
9
Ого
7
Сумна
14
Абуральна
21