Знайсці
26.04.2024 / 22:51ŁacБел

Беларускія каталікі будуць маліцца на глыбіні 135 метраў пад зямлёй

Падчас з'езду беларусаў-каталікоў замежжа на глыбіні 135 метраў упершыню ў гісторыі будуць цэлебраваць святую Імшу па-беларуску. Гэта стала магчымым дзякуючы верніцы, якая ўладкавалася на працу ў шахту «Вялічка» пад Кракавам, піша Katolik.life.

Супольнасць беларускіх каталікоў у Варшаве паведаміла 24 красавіка пра незвычайную падзею, якая чакае ўдзельнікаў II з'езда беларусаў-каталікоў замежжа. Падчас сустрэчы, якая пройдзе ў польскім Кракаве 24-26 траўня, адбудзецца святая імша на беларускай мове ў саляной шахце «Вялічка» на глыбіні 135 метраў.

Для ўдзельнікаў форума правядуць экскурсію, а ў капліцы святога Яна Паўла ІІ, якая месціцца ў самой шахце, адбудзецца Эўхарыстыя. Таксама ў праграме знаёмствы, праца ў групах, абмеркаванне развіцця беларускіх душпастырстваў, супольная малітва і культурная праграма. 

Katolik.life паразмаўляў з чалавекам, дзякуючы якому адбудзецца ўнікальная падзея пад зямлёй. Гэта верніца з Мінска, якая цяпер жыве ў Польшчы і нядаўна ўладкавалася на працу экскурсаводам у шахце.

Гэта адбылося цудоўным чынам і перамяніла жыццё беларускі, якая пад зямлёй «адключаецца» ад вар'яцкага свету і адпачывае там душой:

«Я там шчаслівая. Я іду туды кожны дзень, каб атрымаць палёгку ад усяго, што навокал. Адчула там сябе чалавекам, а не проста эмігрантам, адчула, што Бог мяне любіць».

Шлях да гэтага быў не просты, але цікавы:

«Я перажывала, што буду працаваць на фабрыцы ці ў краме, але вельмі не хацела, бо адчувала, што гэта не маё. Аднойчы да мяне прыехалі сябры, і мы пайшлі на экскурсію ў «Вялічку». Там я пабачыла розных гідаў, але самай лепшай у той момант была кітаянка. І я падумала, што гэта намёк: чаму кітаянка можа, а я не?»

На паверхні беларуска адразу стала гугліць вакансіі ў шахце. Іх не было, але праскочыла інфармацыя, што менавіта сёння апошні дзень, калі можна падаць заяўку на курс экскурсаводаў:

«І я паспела падаць. Потым было суразмоўе, вучоба на польскай мове. Я сустрэла на курсах яшчэ адну беларуску — настаўніцу, і ў выніку мы цяпер разам працуем у шахце».

Верніца патлумачыла, чаму стала адчуваць сябе там камфортна:

«Шмат спаткала прыязнасці, клопату, увагі, чалавечай падтрымкі. Людзей з розных кантынентаў! У Мінску я калісьці была гідам і вельмі пакутавала, калі падчас пандэміі спачатку зніклі замежнікі, а потым і многія іншыя. А цяпер Бог мне вярнуў і прафесію, і мовы, і людзей. Вывучаю соль зямлі і распавядаю пра яе людзям!»

Шахта «Вялічка» прыцягвае турыстаў з усяго свету тым, што гэта ўнікальны саляны лабірынт — славутасць матэрыяльнай культуры, унесеная ў першы спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Менавіта ў гэтым месцы чакаюць таксама беларускіх каталікоў, якім кіраўніцтва шахты бясплатна дае капліцу для імшы на роднай мове.

Чытайце таксама:

«Радыё Марыя ў Беларусі» можа страціць памяшканне, таму просіць пра дапамогу

Каталіцкай журналістцы Аксане Ючкавіч далі тры гады хатняй хіміі і вызвалілі

Папа прызначыў у Беларусі новага біскупа. У Гродзенскай дыяцэзіі чакаюцца перамены?

Каталіцкія манашкі ў Мінску зладзілі на Вялікдзень прабег на самакатах 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031